РЭЛІГІЙНАЯ АБШЧЫНА
ХРЫСЦІЯН ВЕРЫ ЕВАНГЕЛЬСКАЙ

Моладзевае служэнне

Молодёжное служение

"Госпадзе! Да каго нам ісці? Ты маеш словы жыцця вечнага: і мы паверылі і пазналі, што Ты — Хрыстос, Сын Бога Жывога "(Ян. 6:68-69)

Маладосць — найлепшы час жыцця!

У нашым свеце вялізная колькасць людзей лічыць, што маладосць — самы прыдатны час толькі для рознага роду задавальненняў і рызыкоўных спраў, але ніяк не для поўнага прысвячэння свайго жыцця Богу. Наша грамадства хутчэй успрыме зварот да Ісуса пажылога чалавека, але ніяк не маладога юнака ці дзяўчыны.

Мы ўдзячныя Богу, што ў нашай царкве сёння ёсць маладыя людзі не толькі душой, але і целам. Актыўная, рашучая і моцная моладзь! Моладзь царквы «Гефсіманія» вельмі рада, што можа быць часткай Божага плану выратавання грэшнікаў у нашым горадзе, у нашай краіне і за яе межамі. І дзякуе Богу за тое, што Ён дае магчымасць у маладыя гады працаваць на Яго ніве і прыносіць плод для Нябеснага Валадарства. Бог дае рэўнасць многім маладым сэрцам і падахвочвае да працы на Яго ніве. Бог выкарыстоўвае маладых братоў і сясцёр як служыцеляў царквы, прапаведнікаў, місіянераў, дабравеснікаў, музыкаў, настаўнікаў нядзельнай школы, малітвеннікаў, сурдаперакладчыкаў.

Мы ўдзельнічаем у жыцці царквы. Нясем розныя служэнні. Наведваем хворых і пажылых братоў і сясцёр. Імкнемся рабіць гэта проста і цікава, каб людзі змаглі лішні раз усміхнуцца. Намагаемся наведваць нашых сяброў у розных канцах нашай дружнай краіны. Паездкі заўсёды праходзяць весела і цікава. Наведваем розныя цэрквы, каб разам, адной сям’ёй, славіць Імя нашага Госпада Ісуса Хрыста. Маладыя браты рупліва прапаведуюць Божае Слова. У нашых шэрагах нямала харыстаў, настаўнікаў нядзельнай школы. Браты і сёстры нясуць працу ў службе парадку. Нашы сёстры вельмі таленавітыя не толькі ў спевах і ў працы з дзеткамі ў нядзельнай школе, але таксама смачна гатуюць на кухні для сваіх і гасцей. Браты і сёстры актыўна спяваюць у гуртах праслаўлення. Сярод нас шмат студэнтаў. Моладзь, калі прыязджае у наш горад вучыцца, становіцца часткай нашай вялікай і дружнай сям’і.

У маладых сэрцах ёсць велізарнае жаданне быць яшчэ больш ужывальнымі Богам, мець яшчэ больш рэўнасці ў працы на Яго ніве. Моладзь мае патрэбу ў сіле Духа Святога, каб быць здольнай цалкам выканаць Яго Святую волю. Таму моладзь просіць маліцца за маладых братоў, якія сёння з’яўляюцца служыцелямі царквы, за маладых прапаведнікаў, за маладых братоў і сясцёр, якія займаюцца музыкай і спевамі, хто працуе з людзьмі са слабым слыхам, хто нясе добрую вестку людзям пакуль яшчэ далёкім ад Бога, за тых, хто даносіць Слова Божае дзецям у якасці настаўнікаў нядзельнае школы, за маладых малітвеннікаў і тых, каго Бог бярэ ў надзел і ўжывае ўжо ў маладыя гады як Свой сасуд, за тых, чыё служэнне цалкам нябачна для чалавечых вачэй, але вельмі каштоўна ў вачах Божых. Асабліва просім маліцца за маладых місіянераў, якія з’ехалі ў іншыя краіны, якія знаходзяцца сёння удалечыні ад радзімы, сярод чужога народу, якія нясуць святло Евангелля да краёў зямлі. Маладыя браты і сёстры маюць вялікую патрэбу ў нашых малітвах і падтрымцы.

На працягу многіх гадоў адказным за моладзевае служэнне з’яўляўся Аляксандр Стасілевіч. Шмат працы і клопату ўклаў ён у маладых людзей. У сувязі з яго вялікай загружанасцю і рукапаложаннем на служэнне пастара, брацкім саветам царквы было прынята рашэнне прызначыць кіраўніком моладзі Дзмітрыя Каладзько.