Місія "Гедэон"
Аб міжнародным служэнні "Гедэон", якое мае больш за 115-гадовую гісторыю і дзейнічае практычна па ўсім зямным шары, распавядае Аляксандр Латушкін, кіраўнік атрада, які дзейнічае на базе нашае царквы:
— «Гедэоны» - хрысціянская садружнасць дзелавых людзей, навукоўцаў і спецыялістаў з больш чым 190 краін свету. Гэтыя людзі прысвяцілі сябе служэнню Богу, развіццю сувязяў паміж хрысціянамі ўсяго свету. Галоўная задача «Гедэона» — паўсюднае распаўсюджванне Евангелля дзеля таго, каб кожны чалавек меў магчымасць спазнаць і вызнаваць Госпада Ісуса Хрыста сваім асабістым Збаўцам.
«Гедэон» і іх памочнікі — вернікі з многіх хрысціянскіх цэркваў — ужо распаўсюдзілі па гатэлях, лякарнях і турмах, раздалі вайскоўцам, школьнікам і медыцынскім работнікам і інш. больш за два мільярды асобнікаў Біблій і Новых Запаветаў. Варта адзначыць, што распаўсюджванне Евангелля — не значыць толькі ўручыць у падарунак Новы Запавет кожнаму жадаючаму. Мэта «Гедэон» — прыводзіць людзей да Ісуса Хрыста праз сумеснае служэнне, асабістае сведчанне, і толькі потым распаўсюджванне Слова Божага.
Духоўныя мэты вызначаюцца наступнымі месцамі Пісання:
- Біблія: чытай - 1 Цім. 4:13; вывучай - 2 Цім. 2:15; запомні - Паўт.зак. 11:18
- Малітва: 1Цар. 12:23, Эф. 6:18, Філ. 4: 6
- Вера: Эф. 2:8-9, Яўр. 11:6, 2 Кар. 5:7
- Праведнае жыццё: 2 Кар. 6:14-18, Рым.16:17-18, Эф. 5:15
- Сведчанне: Дзеі. 1:8, Прыт. 11:30, 2 Кар. 4:13
- Міласэрнасць: Мц. 9:36, Пс. 85:15, 1Пят. 3:8
- Шчодрасць: 2 Кар. 8:5, 8, 24, 1Пар. 29:11-14, 2 Кар. 9:7
Як прыйсці ў служэнне «Гедэон»? Вул. Баграціёна, 51. Па гэтым адрасе кожны панядзелак а 19-й гадзіне праводзіцца малітва і час размовы, дзе адчынены дзверы кожнаму хрысціяніну (хрысціянцы).
У царкве «Гефсіманія» на сённяшні дзень існуе магчымасць быць памочнікам у многіх навучальных установах, якую не ўдаецца рэалізаваць з-за недахопу людзей. Да таго ж, узрост служыцеляў і памочнікаў пачынаецца ад 35 гадоў, што кажа аб пытанні існавання служэння ў будучыні з-за адсутнасці моладзевай змены.
За апошні час «Гедэоны» ц. Гефсіманія сталі дружнай сямʼёй з агульнымі перажываннямі, малітвамі за здароўе адзін аднаго, за хатнія патрэбы і трывогі, сумеснымі пастамі і некрывадушнай любоўю.
Кожную сераду з 17.00 да 19.00 здзяйсняецца сумесны паход у лякарні горада з евангелізацыяй, сведчаннем, малітвамі за патрэбы і немачы людзей і дарэннем Новых Запаветаў. Толькі ў гэты малы час у кожнага «гедэонаўца» ёсць магчымасць прапаведаваць імя Ісуса Хрыста ўважлівым слухачам, колькасць якіх у год складае каля 3-5 тысяч чалавек, а колькасць падораных Евангелляў у год дасягае лічбы 1000.
Госпадзе, дашлі работнікаў на жніво Тваё ў гэты кароткі апошні час!
Хочацца толькі дадаць, што пасля чытання гэтага матэрыялу на нашым сайце, у вас ужо не будзе апраўдання: «Я не ведаў». Бо ў Бібліі напісана «Дык вось, хто разумее рабіць дабро і не робіць, на тым грэх» (Як. 4:17). Калі вы аддасце перавагу выбраць дабро, то яшчэ раз рэзюмую:
- панядзелак, 19.00, вул. Баграціёна, 51 — малітва і зносіны «Гедэонаў»
- серада, 17.00-19.00 — наведванне бальніц і пропаведзь евангелля
Няхай Госпад дабраславіць кожнага, хто захоча папоўніць шэрагі гэтага служэння!
Эльвіра Лянкевіч