РЭЛІГІЙНАЯ АБШЧЫНА
ХРЫСЦІЯН ВЕРЫ ЕВАНГЕЛЬСКАЙ

Пра царкву "Гефсіманія"

Царква "Гефсіманія" Хрысціян Веры Евангельскай зʼяўляецца адной з пратэстанцкіх цэркваў горада Мінска. Яна налічвае 445 вернікаў, а таксама каля 200 дзяцей, якія наведваюць нядзельную школу. Царква ўтварылася ў 1992 годзе пасля правядзення шэрагу евангелізацыйных служэнняў групай братоў і сясцёр. Старэйшым пастарам царквы «Гефсіманія» зʼяўляецца Мікалай Стасілевіч. Больш падрабязна пра жыццё і дзейнасць царквы вы можаце даведацца на старонках гэтага сайта.

Гісторыя царквы

У пачатку 90-х Мікалай Міхайлавіч Стасілевіч нёс служэнне моладзевага лідара і дыякана ў царкве на вуліцы Собінава. З групай моладзі ён са снежня 1991-га пачаў дабравесціць у клубе будтрэста №1. Калі ў гэтым будынку пачаўся рамонт, сходы сталі праводзіцца ў ДК Беларускага таварыства глушцоў. У красавіку 1992 года адбылося першае воднае хрышчэнне, а ўжо ў чэрвені быў праведзены Сход сябраў царквы, на якім было прынята рашэнне: зарэгістраваць новую царкву. Восем гадоў мы збіраліся ў ДК Беларускага таварыства глушцоў. У жніўні 1998 з дапамогай сталічнай царквы «Благадаць» мы набылі будынак па вул. Баграціёна, 51. Уласнымі сіламі мы знеслі стары дом і пабудавалі новы, які ў цяперашні час актыўна пашыраецца і рамантуецца.

Аднак не так проста ў царквы зʼявіўся свой будынак. У 1996 годзе гарвыканкам вылучыў зямлю пад будаўніцтва дома малітвы на вуліцы Славінскага, але тут жа паўсталі праблемы з жыхарамі раёна. Яны палічылі, што ў гэтай паркавай зоне не мае быць царквы. Усімі сіламі супраціўляліся будаўніцтву: праводзілі мітынгі, звярталіся да дэпутатаў. У выніку, зямлю ў царквы забралі. Гэта стала для абшчыны вялікай трагедыяй. Многія людзі сышлі з царквы, палічыўшы, што зараз у «Гефсіманіі» няма ніякае будучыні. Але Бог дапамог пабудаваць будынак у іншым месцы.

За 25 гадоў царква вырасла да 445 чалавек. Увесь гэты час царква заўсёды імкнулася весці мэтанакіраваную працу з людзьмі пэўных катэгорый: спачатку з глухімі людзьмі, а затым з тымі, хто знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі. Сябры царквы вельмі шмат часу прысвячалі гэтаму служэнню, і многія са зняволеных, каму прапаведавалася Слова Божае, сталі звяртацца да Бога. Вызваляючыся, яны пачалі папаўняць шэрагі нашай царквы. У апошні час стала больш актыўна пашырацца служэнне сярод глушцоў ды людзей са слабым слыхам, колькасць якіх пастаянна расце. Зʼявілася нядзельная школа для глухіх дзяцей, рэгулярна праводзяцца рэспубліканскія канферэнцыі. Таксама царква імкнецца надаваць павышаную ўвагу людзям, якія прыходзяць упершыню.

Нам 20 гадоў!

Невялікі відэафільм, прымеркаваны да 20-гадовага юбілею царквы "Гефсіманія", які мы святкавалі восенню 2012 года, крыху распавядзе Вам аб тым, як нараджалася і расла наша царква. Фільм змяшчае відэафрагменты і фатаграфіі мінулых гадоў. Нам вельмі дарога гэтая памяць, бо Госпад напоўніў гэты шлях Сваімі дабраславеннямі і дапамог прайсці праз усе цяжкасці і выпрабаванні. Ён Адзін варты ўсёй славы і хвалы.

Нам 25 гадоў!

Невялікі відэафільм, прымеркаваны да 25-гадовага юбілею царквы "Гефсіманія", які мы святкавалі восенню 2017 года.